КАРПА́ЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1915,

баявыя дзеянні паміж рас. арміямі Паўд.-Зах. фронту (40 пяхотных і 8,5 кав. дывізій, 2980 гармат) і аб’яднанымі герм. і аўстра-венг. войскамі (53,5 пяхотных і 9,5 кав. дывізій, 2440 гармат) у Карпацкіх і Бяскідскіх гарах на тэр. Галіцыі 22.1—24.4.1915 у 1-ю сусв. вайну. Праходзіла як сустрэчныя франтальныя сутыкненні бакоў на лініі да 200 км (першымі пачалі наступаць рас. войскі з мэтай уварвацца праз Карпаты на Венг. раўніну і вывесці з вайны Аўстра-Венгрыю). Ва ўпартых баях, у т. л. за крэпасць Перамышль (цяпер Пшэмысль, Польшча), рас. арміі страцілі каля 1 млн. чал., аўстра-венг. і герм. — 800 тыс. чал., у т. л. 100 тыс. забітымі. Адцягненне аўстра-венг. і герм. войск на К.а. палегчыла становішча на франтах саюзнікаў Расіі—Вялікабрытаніі і Францыі.

т. 8, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)